ШАРСЦЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна тэкстыльнай прамысловасці па перапрацоўцы шэрсці — натуральнай і ў спалучэнні з сінт. валокнамі. Асн. прадукцыя: камвольная, тонка- і грубасуконная тканіна, шарсцяная і паўшарсцяная пража, дываны, дывановыя вырабы, коўдры, шалі, хусткі і інш. Найб. развіта Ш.п. у Расіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Японіі, Кітаі і інш.
На Беларусі першая суконная мануфактура працавала ў Нясвіжы з 1752. У 1760—80 пабудаваны суконныя мануфактуры ў вёсках (маёнтках) Паласна (Стаўбцоўскі р-н), Бабоўня (Капыльскі р-н), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У канцы 18—пач. 19 ст. працавалі Слонімская суконная мануфактура (гл. Слонімскія мануфактуры), суконныя прадпрыемствы ў Ваўкавыску, Віцебску, Дуброўне. У сярэдзіне 19—пач. 20 ст. дзейнічалі Парэцкая суконная фабрыка і Ружанскія суконныя прадпрыемствы. У 1913 выраблена 37 тыс. пагонных метраў тканін. У 1920—30-я г. Ш.п. значна развілася. У 1940 вытв-сць шарсцяных тканін павялічылася ў параўнанні з 1913 у 7,2 раза. Найбольшая была Якаўлевіцкая суконная фабрыка. Пасля Вял. Айч. вайны аднаўляліся разбураныя, будаваліся новыя прадпрыемствы. Найбольшыя прадпрыемствы Ш.п. (2003): Брэсцкі дывановы камбінат (гл. «Дываны Брэста»), Віцебскі дывановы камбінат (гл. «Дываны Віцебска»), Мінскі тонкасуконны камбінат, Мінскі камвольны камбінат, Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка і інш. Выраблена шарсцяных тканін у 1999—46 млн. м², у 2000—9 млн. м², у 2001—6 млн. м², у 2002—5 млн. м².
т. 17, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)